Музею Якуба Коласа 60 гадоў!

4 снежня 2019 года Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа адзначае юбілейную дату – 60 гадоў з моманту адкрыцця першай экспазіцыі.
За час існавання музея зроблена вялікая работа па даследаванні жыцця і творчасці народнага паэта Беларусі, па ўшанаванні памяці Якуба Коласа не толькі на яго радзіме, але і далёка за яе межамі.
Музей Якуба Коласа быў створаны Пастановай ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР “Аб увекавечванні памяці народнага паэта БССР Якуба Коласа (Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча)” у жніўні 1956 г., пасля смерці народнага паэта Беларусі. У доме, дзе жыў пісьменнік з сям’ёй з канца 1944 г. да сваёй смерці, было вырашана зрабіць музей, арганізацыяй якога займаўся старэйшы сын Якуба Коласа Даніла Канстанцінавіч Міцкевіч. Для наведвальнікаў музей адкрыў свае дзверы 4 снежня 1959 г. Двухпавярховы дом, створаны паводле праекта архітэктара Георгія Заборскага, і прылеглы сад размешчаны на тэрыторыі Акадэміі навук Беларусі. На сёння музей мае 10 экспазіцыйных залаў, у дзвюх захаваны прыжыццёвы інтэр'ер пакояў – кабінета і спальні. У астатніх залах дэманструюцца мэбля і рэчы, якімі карыстаўся паэт на працягу апошніх гадоў свайго жыцця. Музей таксама мае філіял “Мікалаеўшчына” на радзіме Якуба Коласа ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці.
Да юбілею музея была падрыхтавана сумесная з калекцыянерам У. А. Ліхадзедавым выстава “Песняры зямлі беларускай. Міцкевічы: ад Адама да Канстанціна”. Якуб Колас пісаў: “Адам Міцкевіч адзін з геніяльных славянскіх паэтаў. Па ахопу ўсеабдымнага таленту, па яго шырыні Адам Міцкевіч па справядлівасці займае адно з першых месцаў сярод паэтаў-геніяў”. Нягледзячы на тое, што два таленты, народжаныя на Беларусі ў розныя стагоддзі, карысталіся рознымі мовамі, ім абодвум удалося ўвасобіць геній мясцовага духу ў сваіх лірычных эпасах. Адам Міцкевіч у нейкі момант вымушана пакінуў радзіму, Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас) быў укарэнены ў родную зямлю, але і адзін, і другі чэрпалі натхненне ў духоўнай і матэрыяльнай спадчыне беларусаў.

184