«Табой я жыў, табой жыву...»

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа

ПРЭС-РЭЛІЗ

“Табой я жыў, табой жыву…”

Прэзентацыя кнігі, прысвечанай жонцы Якуба Коласа М. Д. Каменскай

29. 09. 2022 у 16.00 у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбудзецца прэзентацыя ўнікальнага выдання «“Табой я жыў, табой жыву…” Пра жонку Якуба Коласа», выдадзенага Выдавецкім домам “Звязда”.

Творчая спадчына і жыццё Якуба Коласа стварае бязмежную прастору для вывучэння. Пра народнага паэта напісаны сотні кніг, навуковых прац і даследаванняў,  і вельмі каштоўным з’яўляецца выяўленне і публікацыя новых невядомых да сённяшняга дня фактаў.

Важнейшую ролю у коласазнаўстве адыгрываюць навуковыя працы родных Якуба Коласа. Як адзначае літаратуразнаўца Мікола Трус, “сямейны агмень, які годна падтрымліваюць Марыя, Вера і Васіліна Міцкевіч, – нязменны арыенцір для чулых душ, прывабленых энергетыкай Коласава слова”.

Выданне прысвечана Марыі Дзмітрыеўне Каменскай –  спадарожніцы жыцця беларускага Песняра – і змяшчае ўспаміны блізкіх, сваякоў, фрагменты ліставання, дакументы і прысвячэнні, а таксама ўнікальныя фотаматэрыялы.

Якуб Колас вельмі любіў сваю жонку, яна была яго лепшым сябрам, першым крытыкам і дарадцай. Калі яе не стала, а памерла яна ў 1945 годзе ў хуткім часе пасля перамогі, Якуб Колас вельмі перажываў, ён пісаў: "Адчуваю сябе так, як бы мне адсеклі правую руку і адабралі палавіну душы".

Укладальніцы кнігі – унучка Якуба Коласа, даследчыца творчасці Песняра Вера Даніілаўна Міцкевіч і галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа праўнучка класіка Васіліна Валер’еўна Міцкевіч – прапанавалі свае подступы да асэнвасавння ролі ў жыцці і творчасці Якуба Коласа яго нязменнай спадарожніцы Марыі Дзмітрыеўны.

У выданні арганічна спалучаюцца дакументальныя сведчанні і арыгінальныя творы, што забяспечвае і пэўную аб’ектывізацыю і прадстаўленні часу і чалавечых адносін, і жывое ўспрыманне даўніх эмоцый, турбот, асобасных повязей.

У прэзентацыі возьмуць удзел навукоўцы, творчая інтэлігенцыя, музейныя супрацоўнікі, прыхільнікі творчасці паэта, родныя і блізкія Песняра.

САРДЭЧНА ЗАПРАШАЕМ!

Тэл. для даведак: 8 (017) 270-17-02.

Афіцыйны сайт: www.kolasmuseum.com

e-mail: info@kolasmuseum.by

701