Адкрыццё часовай экспазіцыі «Мой Мінск старадаўны, магутны і слаўны»

10 ліпеня 2024 г. у 18.00 у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбудзецца адкрыццё часовай экспазіцыі "Мой Мінск старадаўны, магутны і слаўны", прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення сталіцы Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны Якуб Колас знаходзіўся ў эвакуацыі ва Узбекістане, куды была пераведзена Акадэмія навук БССР. Два з паловай гады пясняр быў разлучаны з Радзімай. Сум па роднай зямлі, якую бязлітасна руйнаваў вораг, выліваўся ў шэрагу вершаў, рукапісы якіх разам з ілюстрацыямі прыгожых мясцін Узбекістана, намаляваных з натуры рознымі пакаленнямі сям'і Левіных, будуць прадстаўлены на часовай экспазіцыі.

Якуб Колас быў вельмі ўзрадаваны вызваленню Мінска. Гэтай радаснай падзее пісьменнік прысвяціў верш і шэраг артыкулаў, прадстаўленых на выстаўцы. Горад, які паэт па-праву называў "сэрцам Беларусі", стаў пастаянным месцам жыхарства класіка беларускай літаратуры. Матэрыялы з асабістага архіва Якуба Коласа і сямейнага збору яго нашчадкаў дэманструюцца на фоне ілюстрацый Мінска вядомага беларускага архітэктара Л. М. Левіна. Многія з іх паказаны ўпершыню.

У адкрыцці часовай экспазіцыі прыме ўдзел вядомы беларускі архітэктар Галіна Леанідаўна Левіна.

 

Сардэчна запрашаем!

Кантактны тэлефон: (017) 270 17 02

Адрас: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5

www.kolasmuseum.by; e-mail: info@kolasmuseum.by

392