"РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ": АКВАРЭЛЬНАЯ КАЛАСІЯНА З ФОНДАЎ МУЗЕЯ


6 чэрвеня ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адкрылася выстава мастацкіх работ у тэхніцы акварэль "Родныя вобразы", дзе прадстаўлены ілюстрацыі мастакоў да твораў Якуба Коласа. Сярод іх – работы Уладзіміра Самойлавіча Басалыгі да кнігі вершаў песняра "Усход сонца" (1986), Мікалая Міхайлавіча Селяшчука да кнігі апавяданняў "Страшнае спатканне" (1976), Уладзіміра Пятровіча Савіча да паэмы "Міхасёвы прыгоды" (1979).

Дамінантай выставы сталі малюнкі народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча да юбілейнага выдання паэмы "Новая зямля" 2002 г., якія экспануюцца ўпершыню.

Васіль Пятровіч узгадваў:

"Мне прапанавалі зрабіць ілюстрацыі да "Новай зямлі" – і за адзін год! Тэрмін вельмі кароткі, бо над сур'ёзнымі кнігамі я працаваў па некалькі гадоў. Гэта так адпавядала майму душэўнаму стану і светаадчуванню, што задума – зрабіць у дужа сціплы тэрмін 91 акварэль і афармленне кнігі – мне падалася пераадольнай... Працуючы літаральна дні і ночы, я ўсё ж такі ажыццявіў гэтую задуму..."

Чаму мастак звярнуўся менавіта да акварэлі? Мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч лічыць, што гэтая тэхніка надзвычай празрыстая і трапяткая, больш адпавядае гучанню паэзіі Якуба Коласа. Графік сустрэўся з па-сапраўднаму маляўнічым тэкстам і, каб перадаць усе адценні коласаўскай мовы, выкарыстаў багатую палітру акварэлі.

Прадстаўленыя на выставе мастацкія работы творцаў дапамогуць наведвальнікам па-новаму зірнуць на творы, глыбей успрыняць іх змест, шчыра палюбіць герояў Якуба Коласа.

328