Дні беларускай культуры ў Неапалі, Італія. Урачыстае адкрыццё выстаўкі “Якуб Колас і рускія пісьменнікі”

1–5 кастрычніка 2018 года па ініцыятыве Ганаровага консульства Рэспублікі Беларусь у Неапалі сумесна с беларускай культурнай асацыяцыяй “BELLARUS”, пры патранажы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Неапалі і Муніцыпалітэта горада Неапаля адбудзецца правядзенне Дзён культуры Беларусі “Беларусь учора і сёння”.

У рамках свята Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа прэзентуе выстаўку “Якуб Колас і рускія пісьменнікі”, прысвечаную творчасці народнага паэта Беларусі і яго творчым і асабістым сувязям з калегамі замежжа. Імя Якуба Коласа, выдатнага майстра мастацкага слова, не раз гучала у Расіі, Літве, Украіне, Польшчы. Сёння яго натхнёнае мастацкае слова загучыць і ў далёкай Італіі.

Якуб Колас, непераўзыдзены майстар нацыянальнай беларускай літаратуры, ужо ў пачатку 20-х гадоў XX ст. стаў вядомы італьянскім чытачам па артыкулах у італьянскім друку, а таксама па кнізе “Il suono dei vetri”, дзе змешчаны некаторыя творы народнага паэта Беларусі.

Дарэчы, Максім Горкі, упершыню пачуў пра маладых паэтаў Якуба Коласа і Янку Купалу, знаходзячыся ў Італіі: “У Беларусі ёсць два паэты: Якуб Колас і Янка Купала – вельмі цікавыя хлопцы! Так проста пішуць, так ласкава, сумна, шчыра. Нашым бы крыху такіх якасцей! О Божа! Вось бы добра было!” – такімі былі першыя ўражанні пра творчасць нашых беларускіх песняроў.

Выстаўка накіравана на ўмацаванне культурных сувязей паміж дзвюма краінамі, павышэнне цікавасці з боку італьянскай грамадскасці да здабыткаў беларускай літаратуры, у прыватнасці, да асобы і творчасці народнага паэта Беларусі Якуба Коласа.

Урачыстае адкрыццё выстаўкі “Якуб Колас і рускія пісьменнікі” адбудзецца 4 кастрычніка 2018 года ў Анжуйскім замку горада Неапаля.

527