60 гадоў Дому-музею Якуба Коласа!

4 снежня 2019 года ў гасцінным Доме класіка беларускай літаратуры, народнага паэта Беларусі Якуба Коласа сабралася больш за сотню ганаровых гасцей - прадстаўнікі міністэрстваў, творчая інтэлігенцыя, родныя Якуба Коласа. Менавіта ў гэты дзень, 60 гадоў таму, Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа адчыніў свае дзверы для першых наведвальнікаў.
За час існавання музея зроблена вялікая работа па даследаванні жыцця і творчасці народнага паэта Беларусі, па ўшанаванні памяці Якуба Коласа не толькі на яго радзіме, але і далёка за яе межамі.
Музей Якуба Коласа быў створаны ў адпаведнасці з Пастановай ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР “Аб увекавечванні памяці народнага паэта БССР Якуба Коласа (Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча)” у жніўні 1956 года, пасля смерці народнага паэта Беларусі. Месцам размяшчэння музея быў абраны дом, пабудаваны паводле праекта архітэктара Георгія Заборскага, дзе жыў народны паэт Беларусі з канца 1944 года да дня сваёй смерці. Арганізацыяй музея займаўся старэйшы сын Якуба Коласа і першы яго дырэктар Даніла Канстанцінавіч Міцкевіч.
Музей Якуба Коласа мае статус мемарыяльнага літаратурнага музея, чым вызначаецца яго ўнікальнасць сярод іншых музейных устаноў нашай рэспублікі.
З юбілеем калектыў музея павіншаваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка.
За шматгадовую плённую дзейнасць па захаванні і папулярызацыі нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны, значны ўклад у развіццё музейнай справы калектыву ўстановы таксама аб’яўлена падзяка прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Сяргея Румаса і ўручана ганаровая грамата ад Міністэрства культуры.
Сюрпрыз для святочнай вечарыны падрыхтавалі салісты Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. А потым у імправізаваным кінатэатры на свежым паветры госці з цікавасцю паглядзелі дакументальны фільм з фондаў музея "Народны паэт".

709