Перадкалядны цуд у Доме-музеі Якуба Коласа

Кожны дзень у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа пануе святочны настрой – наведвальнікі з усіх куточкаў Беларусі завітваюць да нас, каб прыняць удзел у вясёлай «Ялінцы». Дзеткі з імпэтам ўдзельнічаюць ў таямнічым квэсце, захапляльных гульнях-конкурсах, творчых майстар-класах, глядзяць навагодняе лялечнае прадстаўленне, даведваюцца, што іх чакае ў 2020 годзе і, пад занавес, зразумела ж, атрымліваюць падарункі.
24 снежня ў самы цікавы і вясёлы момант дзіцячага ранішніка раптам чароўны рознакаляровы матылёк заляцеў у вялікую гасцёўню Дома-музея Якуба Коласа. Гэта ж сапраўдны Калядны цуд!
Прыгажун порхаў вакол 137-гадовай жырандолі, здзіўлена і зацікаўлена назіраў за тым, як дзеці ўпрыгожваюць ялінку… А затым накіраваўся у адзін з пакояў музея, дзе яго супрацоўнікі рыхтавалі для наведвальнікаў сюрпрыз. Але які — гэта пакуль сакрэт!
Хутка таямніца стане явай!

773