Конкурс “Песня сэрца” да Дня ўсіх закаханых

Шаноўныя сябры!

Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа абвяшчае новы конкурс для рамантыкаў «Песня сэрца». Паведайце нам сваю гісторыю кахання: раскажыце, пры якіх абставінах вы сустрэлі сваю палавінку, чаму вы лічыце яе ці яго лепшым у свеце. А можа, у вашай памяці захаваліся нейкія асабліва шчырыя, шчымлівыя ці нават па-добраму смешныя моманты сумеснага жыцця? Альбо вы яшчэ не сустрэлі тую (альбо таго) адзінага, але ведаеце, аб кім марыце? Падзяліцеся з намі сваімі разважаннямі, пішыце на адрас info@kolasmuseum.by альбо ў групе на Фэйсбуку https://www.facebook.com/groups/239269352788494. Не забывайце, калі ласка, і пра фота!

Пераможцаў конкурсу (аўтараў самых цікавых, незвычайных, чуллівых гісторый) чакаюць сюрпрызы: эксклюзіўная экскурсія, святочная фотасесія ў рамантычнай абстаноўцы, новыя цудоўныя кнігі Якуба Коласа, выдадзеныя музеем, у падарунак, а таксама магчымасць напісаць пажаданні сабе, сваёй другой палавінцы пяром Якуба Коласа і яшчэ шмат прыемнага! Спяшайцеся! Свята ўжо хутка!

Падвядзенне вынікаў на сайце і ў Фэйсбуку 14.02, у Дзень усіх закаханых!

 


 

У кожнай сям’і свая гісторыя кахання і свае перыпетыі лёсу. Сёння мы раскажам вам аб тым, як жыццё падаравала Канстанціну Міхайлавічу Міцкевічу сустрэчу з цудоўнай жанчынай, што стала ягонай зоркай, натхненнем, спадзяваннем і шчасцем.

Са сваёй будучай спадарожніцай жыцця, Марыяй Дзмітрыеўнай, Якуб Колас пазнаёміўся у 1912 годзе ў Пінску. Туды у вучылішча Канстанцін Міцкевіч быў накіраваны настаўнікам. А ў пінскай чыгуначнай школе настаўніцай пачатковых класаў працавала Марыя Дзмітрыеўна Каменская.

Сустрэліся яны на занятках па ўдасканаленню педагагічнай работы, якія праводзіў Колас для маладых настаўнікаў. Яму адразу спадабалася мілая дзяўчына.
Малодшы сын Міцкевічаў Міхась Канстанцінавіч у сваёй кнізе ўспамінаў «Пад бацькоўскім дахам» пасля напіша пра бацьку:

У час заняткаў ён ўгледзеў маладую сімпатычную дзяўчыну. Тая гляне на яго, зловіць яго погляд і сарамліва апусціць вочы, пачырванее, ізноў гляне, і ён не адрывае ад яе вачэй... А пасля заняткаў падышоў, пазнаёміўся, правёў да хаты. Пасля часта сустракаліся, ён яе далікатна даводзіў да дому і — ні слова. І гэтак каля года. Відаць, у настаўніка не хапала рашучасці раскрыць свае пачуцці словамі. І маладая настаўніца, якой спадабаўся старэйшы за яе на дзевяць гадоў мужчына, узяла ініцыятыву ў свае рукі і прапанавала: Костусь, а можа мы пажэнімся? Прапанова з удзячнасцю была прынята. Праз нейкі час пасля шлюбу маладая знайшла запісную кніжачку мужа з вершамі, поўнымі кахання.
– Што гэта? — досыць строга запытала яна. А той стаў апраўдвацца:
– Гэта ж я табе прысвячаў!
– Я зразумела, што мне. Але чаму тут пасля шлюбу нічога не дабавілася? – пераводзячы ў жартаўлівы тон, запытала яна.
На жаль, гэтая запісная кніжка згубілася ў часы першага бежанства. Пазней ёй быў прысвечаны шэраг цудоўных вершаў.

Для Коласа сустрэча з Марыяй Дзмітрыеўнай была сапраўдным падарункам лёсу. Якуб Колас моцна кахаў сваю спадарожніцу жыцця, яна была яго лепшым сябрам, першым крытыкам і галоўным дарадцай.

«Такія жанчыны, як яна, пападаюцца не часцей, як адна на 10 000», — пісаў ён у лісце да знаёмай.

«Мілая, харошая, любая Маруся», «клапатлівая родненькая сардэчная жонка», «мая слаўная добрая Маруся», «мой лепшы сябар», «мая дарагая, мілая Марусенька», «мой добры верны друг», «мая ластаўка», «яснюсенькая зорка» — так называў пісьменнік сваю жонку.

Лёс Марыі Дзмітрыеўны Каменскай быў шчаслівым, але вельмі цяжкім. Унучка Якуба Коласа Вера Данілаўна Міцкевіч у сваім артыкуле «…Мой добры друг, мая святыня» (часопіс «Роднае слова», №3, 1996 г.) пісала:

Нялёгка быць жонкай паэта-генія. Быць побач з ім — і быць не навідавоку, як бы ягоным ценем: ствараць атмасферу ўтульнасці ў хаце і гадаваць дзяцей, падтрымлімваць сувязь са шматлікімі родзічамі і прымаць гасцей. І ўсё гэта праз дзве сусветныя вайны, праз горкія страты самых блізкіх людзей…

Марыя Дзмірыеўна ўзяла ўсе клопаты па хатняй гаспадарцы на сябе, каб стварыць свайму мужу спрыяльныя ўмовы для творчай працы, нарадзіла Коласу трох сыноў — Данілу, Юрыя і Міхася. Калі Марыя Дзмітрыеўна цяжка хварэла, паэт прысвяціў ёй такія радкі:

Я радасці большай не ведаў бы ў свеце,
Каб толькі была ты здарова.
Ачуньвай жа, зорка, ачуньвай, мой квеце,
Пачуй маё шчырае слова!

Калі ў 1945 годзе пасля працяглай хваробы жонкі не стала, Якуб Колас вельмі перажываў. Ён пісаў: «Адчуваю сябе так, як бы мне адсеклі правую руку і адабралі палавіну душы».

Сястра Якуба Коласа Алена Лойка ўспамінала пра братавую: «Такая была яна добрая, разумная. Гэта быў залаты чалавек. Не магу спакойна ўспамінаць. Добрая і да дзяцей, і да Коласа, і да ўсіх людзей. Жылі яны вельмі дружна. Шанавала яна Коласа. А ён яе таксама. Каб не такая жонка брату надарылася, то, можна, ён і такім вялікім не стаў бы. У кожны мой прыезд Марыя Дзмітрыеўна надта ж хораша мяне даглядала. Гаварыла заўсёды па-беларуску… І дзяцей навучыла любові да роднага, да людзей…».

… Вернемся ў далёкія 20-30-я гады і зірнем на жыццё ў тым, даваенным, доме вачыма Коласавай вучаніцы Ніны Загурскай-Паддубнай (яна ў 1920-х гг. была студэнткай Белпедтэхнікума, потым працавала настаўніцай): «…Мне давялося пабыць у гасцях у Якуба Коласа… Марыя Дзмітрыеўна ласкава частавала ўсіх, была ветлівай і гасціннай. За сталом я разгледзела яе вельмі мілы твар, добрыя, разумныя вочы. Проста, на прамы прабор зачэсана, валасы сабраны ў вузел, на ёй цёмнае, добра пашытае плацце. Яна штохвілінна ўставала з-за стала, прапаноўвала і падавала то адно, то другое. Я агледзелася: у пакоі кветкі, чысціня цудоўная, цёпла, павявае ціхай хатняй утульнасцю. І што мне кінулася ў вочы: адносіны паміж Канстанцінам Міхайлавічам і Марыяй Дзмітрыеўнай. Гэта перш за ўсё надзвычайная блізкасць паміж імі, далікатнасць у абыходжанні, цеплыня, разуменне адзін аднаго з першага погляду. Я ніколі не чула, каб Колас гаварыў громка, голас яго быў заўсёды мяккі, ціхі. І дома з жонкай ён размаўляў ласкава. Яна адказвала яму ўспешкай, ветлівым словам».

Пачытаем ліст Песняра да жонкі, напісаны ў 1924 годзе: «…А цяпер маю патрэбу пагаварыць з табою, мілая Маруся. Вось як адыдзешся далёка ад дому, дык і ўстане перада мною мая мілая, слаўная Маруся. І мяне бярэ ахвота пагаманіць з табою, у мяне з’яўляецца моцная патрэба пабыць з табою. Я часта думаю, вось добра было б, каб тут  была яна, мой лепшы друг, мая мілая жонка…»

913