«Якуб Колас і Амар Хаям: жыццёвая мудрасць у паэтычным слове»

У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбылося ўрачыстае адкрыццё часовай экспазіцыі «Якуб Колас і Амар Хаям: жыццёвая мудрасць у паэтычным слове». У прэзентацыі прынялі удзел прадстаўнікі пасольства Ісламскай Рэспублікі Іран у Рэспубліцы Беларусь, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, замежныя дыпламаты, творчая інтэлігенцыя.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ірана ў Рэспубліцы Беларусь Саід Яры выказаў пажаданне, каб вершы Якуба Коласа былі перакладзены на фарсі дзеля таго, каб іранцы маглі асабіста пазнаёміцца з творчасцю Песняра. 

...У кожнага народа ёсць свае паэты-апосталы, прадказальнікі, вяшчальнікі. У Расіі – гэта А. С. Пушкін, у Англіі – Джордж Гордан Байран, у Іране – Амар Хаям, а ў Беларусі – Якуб Колас і Янка Купала. Якуб Колас і Амар Хаям выступаюць моцнымі дамінантамі беларускай і іранскай культур. Іх творчасць – гэта своеасаблівы збор філасофскіх думак і падыходаў да рэчаіснасці, якія могуць стаць пэўным настаўленнем наступным пакаленням. Паэзія Якуба Коласа і Амара Хаяма – гэта вяршыня доўгага і нялёгкага іх шляху да ісціны. І хаця жылі яны ў розны час, у розных краінах, належалі да розных рэлігій, але цэнтрам іх творчасці быў Чалавек-Сусвет. Яны стварылі энцыклапедыю жыцця, мудры кодэкс жыцця ў паэтычнай форме.

Паэтычная мудрасць Амара Хаяма змяшчаецца ў рубаі – арыгінальных філасофска-лірычных чатырохрадкоўях, адной з самых складаных жанравых форм персідскай паэзіі. Хаям – непераўзыйдзены майстар гэтага жанру. Яго творы ўражваюць трапнасцю назіранняў і глыбінёй спасціжэння свету і душы чалавека, яркасцю вобразаў і вытанчанасцю рытму. У Якуба Коласа мудрай «энцыклапедыяй беларускага сялянскага жыцця канца ХІХ-пачатку ХХ стст.» стала паэма «Новая зямля». Мудрасць жыцця Якуба Коласа змешчана ў самім поглядзе на свет, а рэалізуецца яна ў дэталёвым малюнку шматлікіх жыццёвых рэалій. «Новая зямля» – гэта асабісты Сусвет, дзе ўсё існуе ў гарманічнай формуле «прырода-чалавек».

Паэты Амар Хаям і Якуб Колас – гуманісты, для іх чалавек і яго духоўны свет вышэй за ўсё. Яны шануюць жыццё, яго кожную хвіліну. Таму і паэзія іх раскрывае каштоўнасць кожнага імгнення, кароткачасовасць чалавечага жыцця. Навізна поглядаў Хаяма і Коласа ў тым, што яны гавораць не пра мусульманіна або хрысціяніна, а пра Чалавека-Сусвет, кожны па-свойму. Амар Хаям – праз абагульненне, Якуб Колас – праз дэталі. Таму іх творчасць надрэлігійная, пазачасовая, наднацыянальная, сусветная. Іх кодэкс мудрасці жыцця ўключае ў сябе сімфонію пажаданняў усяму свету.

Сімвалічна, што ў асабістай бібліятэцы Якуба Коласа знаходзілася кніга Алішэра Наваі – паэта і мысляра, які ствараў свае літаратурныя творы на персідскай, цюркскай, узбекскай і уйгурскай мовах. Гэта кніга была прывезена з Ташкента, дзе Якуб Колас разам з сям’ёй знаходзіўся ў эвакуацыі (1941-1943). Цалкам магчыма, што імя Амара Хаяма было знаёма беларускаму класіку. Больш за тое, філасофскай лірыкай персідскага паэта і філосафа цікавіўся малодшы сын Якуба Коласа Міцкевіч Міхась Канстанцінавіч. Ён любіў чытаць Амара Хаяма і адну з кніг персідскага творцы ў перакладзе на рускую мову прывёз з Ташкента ў 1970-х гг.

На часовай экспазіцыі ў музеі прадстаўлены асабістыя рэчы Якуба Коласа, кнігі з бібліятэкі паэта, тканыя дываны, бюсты Якуба Коласа і Амара Хаяма, іранскія мініяцюры, традыцыйная кераміка і шмат іншых цікавых экспанатаў. Сардэчна запрашаем у музей! Выстава будзе працаваць да 2 чэрвеня. 

874