«Вецер памяці» Вечар успамінаў пра Івана Пташнікава

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа

Прэс-рэліз

 

«Вецер памяці»

Вечар успамінаў пра Івана Пташнікава

20 кастрычніка 2022 года а 16 гадзіне ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбудзецца вечар успамінаў пра пісьменніка Івана Мікалаевіча Пташнікава.

Іван Мікалаевіч – беларускі пісьменнік, празаік. Заслужаны работнік культуры БССР, член Саюза пісьменнікаў БССР, член Саюза пісьменнікаў СССР; за  аповесць «Найдорф» удастоены Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа ў 1978 г. Сёлета Іван Мікалаевіч адзначыў бы свой 90-гадовы юбілей.

Творчая прыхільнасць Івана Пташнікава – вясковая тэматыка, веданне паўсядзённага побыту, звычаяў, псіхалогіі вяскоўцаў, відавочная здольнасць аўтара грунтоўна і ўсебакова паказаць дыялектыку характараў, праўду рэальных абставін. У яго творах упершыню пачала праяўляцца асаблівая ўвага да ўнутранага стану чалавека, загучаў матыў вайны ў чалавечых лёсах. Тэма вайны займае ў творчасці пісьменніка значнае, асабістае месца, бо сам аўтар належыць да пакалення дзяцей вайны: трагедыі спаленых разам з людзьмі вёсак, барацьба партызанаў і беларусаў супраць акупантаў, антываенны пафас многіх апавяданняў сведчаць пра тое, што вайна ў Івана Мікалаевіча свая, перажытая ў дзяцінстве.

Іван Пташнікаў заўсёды адгукаўся на болевыя кропкі гісторыі. Ягонае апавяданне «Львы» –«адно з самых яркіх і глыбока псіхалагічных твораў еўрапейскай літаратуры пра Чарнобыльскую трагедыю». Пранізліва паказаў Пташнікаў і тэму сталінскіх рэпрэсій у апавяданнях «Францужанкі», «Тры пуды жыта». Апавяданне «Пагоня» крытыка назвала «найлепшым беларускім апвяданнем за ўсю гісторыю існавання гэтага жанру ў нацыянальным прыгожым пісьменстве».

«Майстар моўнага жывапiсу», ён назаўсёды застанецца ў гiсторыi лiтаратуры, а яго лепшыя творы будуць хваляваць, уражваць, расказваць пра лёс беларускага народа.

У сустрэчы 20 кастрычніка ў Доме-музеі Якуба Коласа прымуць удзел родныя і блізкія пісьменніка, навукоўцы, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі; прагучаць успаміны аб жыцці і творчасці пісьменніка.

 

Сардэчна запрашаем!

Кантактны тэлефон: (017) 270 17 02

Адрас: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5

www.kolasmuseum.by; e-mail: info@kolasmuseum.by

706